05/27/2023
Купалле - старажытнае паганскае земляробчае свята, прысвечанае летняму сонцастаянню, ад якога пачынаўся адлік астранамічнага лета. Ягоныя карані сягаюць ажно ў бронзавы веку (2-е — пачатак 1-га тысячагоддзя да н.э.). Існуе меркаванне, што яно ўзнікла ў перыяд матрыярхату і было прысвечана багіні, якая звалася Купала. Пад рознымі назвамі свята вядомае ўсім індаеўрапейскім народам. Ва ўсходніх славянаў згадваецца ў летапісах з 1175 году, у старабеларускіх граматах — з XIII—XIV стст.
Традыцыйна адзначаецца ў ноч з 23 на 24 чэрвеня і распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Этоніі, Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі і Нямеччыны. У многіх з гэтых краін гэтае свята лічыцца дзяржаўным і вольным ад працы. Падчас распаўсюду хрысціянства на нашых землях стала зразумела, што гвалтам насадзіць яго не атрымаецца. Адпаведна, давялося шукаць кампраміс. Таму большасць паганскіх святаў былі пакінутыя, але пад іншымі назвамі. Свята зімовага сонцастаяння Карачун альбо Ёль было ператворана ў Каляды (Божае нараджэнне, Раство), а Купалле ў ноч святога Яна ці Івана. Адметна, што само імя багіні Купалы ператварылася ў прозвішча хрысціянскага святога.
Паколькі самая кароткая ноч прыпадае на перыяд з 21 па 23 чэрвеня ўключна, то існуюць варыянты адзначаць свята ў адну з гэтых ночаў, а ў некаторых краінах святкаванне доўжыцца тры дні. Для беларускай традыцыі адментнай рысай адзначэння Купалля з’яўлецца, перад усім, вялікае вогнішча, аздобленае драўляным колам на самым версе, якое сімвалізуе сонца. Пры агні гатуюць абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню водзяць карагоды, сьпяваюцьі купальскія песьні. Праз вогнішча, калі згарае купальскае кола, хлопцы і дзяўчаты скачуць парамі, што звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць урадлівасць сельскагаспадарчых культураў. Важным элементам святкавання таксама з’яўлецца рытуальнае купанне на світанні ў аголенм выглядзе. Вельмі пашыранай на Купалле з’яўляецца варажба, асабліва на замужжа: на рачную плынь пускаюць вянкі, загадваючы на «суджанага». Купальскую ноч традыцыйна ўважаюць за ноч цудаў. Паводле народных павер’яў, рэкі на Купалле свецяцца асаблівым прывідным святлом, а зверы, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка. Купальскія абрады былі скіраваныя на падвышэнне плоднасці не толькі раслінаў. Так, праз 9 месяцаў назіраўся рост колькасці народжаных дзетак. Падобныя дэмаграфічныя скачкі дагэтуль характэрныя, напрыклад, для Фінляндыі і Швецыі.
📸 Aliaksandra Haidukevich
🌿 Traditional Slavic Festival in New Hampshire 🌿